Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 0 человек

«Настаўніцкая газета» святкуе сваё 75-годдзе

Дата: 23 декабря 2020 в 21:54
Автор: Седова И. С.
116 просмотров

Сёлета святкуе свой 75-гадовы юбілей «Настаўніцкая газета» – адно з найстарэйшых перыядычных выданняў нашай краіны. З гэтай нагоды ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрылася выстава «„Настаўніцкая газета“. 75 гадоў з асветнікамі Беларусі».

Выстава расказвае пра напрамкі дзейнасці выдання, яго цікавыя праекты. Рэдакцыя праводзіць прэс-туры ў раёны Беларусі, інфармацыйна-рэкламныя акцыі «Будзем разам!», «Апошні званок з „Настаўніцкай газетай“». Частка экспанатаў прадастаўлена выдавецкім домам «Педагагічная прэса». Тут можна ўбачыць першыя нумары газеты, фатаграфіі і ўзнагароды. Выставачны праект будзе працаваць да 21 студзеня 2020 года.

З юбілеем калектыў рэдакцыі павіншаваў Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь І. В. Карпенка: «У „Настаўніцкай газеты“ багатая гісторыя і слаўныя традыцыі. На працягу многіх гадоў яна з'яўляецца трыбунай для абмену педагагічным вопытам, расказвае аб развіцці нацыянальнай сістэмы адукацыі, не застаецца ўбаку ад самых розных праблем, якія хвалююць сучаснае грамадства.

За гэтыя гады на газетных старонках адлюстраваліся лёсы тысяч нашых педагогаў, людзей розных пакаленняў. Асаблівую ўдзячнасць хачу выказаць вам за пастаянную ўвагу да прафесіі педагога. Настаўнік – не проста прафесія, гэта – лёс і своеасаблівы лад жыцця. Жыцця на карысць дзяцей, грамадства, Радзімы.

Адметна, што газета пастаянна развіваецца, у ёй з’яўляюцца новыя рубрыкі, якія адлюстроўваюць рэаліі сучаснага жыцця, яна ўпэўнена асвоіла інтэрнет-прастору, у якой набыла новых чытачоў, сяброў і аднадумцаў. І ў гэтым заслуга ўсіх тых, хто карпатліва і творча працуе над кожным нумарам».

«Настаўніцкая газета» – сапраўдны летапіс айчыннай адукацыі, гісторыя станаўлення і развіцця беларускай педагогікі. Пра гэта заявіў Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь І. У. Луцкі на адкрыцці выставы, прысвечанай 75-годдзю з дня выхаду першага нумара выдання.

«Цяпер на сістэму адукацыі ўскладаюцца вельмі вялікія надзеі і патрабаванні. Мы бачым, што ўсё, што адбываецца ў цяперашняй палітычнай сітуацыі шмат у чым залежыць ад працы з моладдзю, таму ваша выданне павінна быць на перадавой гэтай барацьбы, – сказаў Ігар Луцкі. – Выхаванне падрастаючага пакалення, пра што не раз казаў Прэзідэнт, – наша найпершая задача. Новыя формы, метады, у тым ліку інтэрнэт і сацыяльныя сеткі, неабходна падключаць па максімуму».

Першы нумар «Настаўніцкай газеты» выйшаў 20 снежня 1945 года. З таго часу выданне асвятляе і аналізуе праблемы адукацыі і выхавання, пытанні педагагічнай навукі і практыкі, інфармуе аб рэформах агульнаадукацыйнай школы, развіцці сістэмы прафесійнай падрыхтоўкі і вышэйшай адукацыі, распавядае аб навучанні за мяжой. Газета ўваходзіць у выдавецкі дом «Педагагічная прэса», арыентаваны на настаўнікаў, выкладчыкаў, навукоўцаў, навучэнцаў, студэнтаў і іх бацькоў.

Па матэрыялах афіцыяльнага інтэрнэт-рэсурсу
Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.