Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 0 человек

Да 110-годдзя з дня нараджэння беларускага паэта і перакладчыка Анатоля Астрэйкі

Дата: 23 июля 2021 в 23:51
Автор: Седова И. С.
230 просмотров

Сёлета адзначаецца 110-годдзе з дня нараджэння Анатоля Астрэйкі. Паэт нарадзіўся 24 ліпеня 1911 года, паходзіў з сялянскай сям’і, з вёскі Пясочнае, што непадалёку ад Капыля. Сапраўднае імя – Акім Пятровіч Астрэйка. У 1930 годзе скончыў двухгадовыя настаўніцкія курсы пры Мінскім педтэхнікуме. У 1932–1934 гадах вучыўся на літаратурным факультэце Мінскага педагагічнага інстытута.

У студэнцкія гады 19-гадовым юнаком пачаў працаваць у беларускіх газетах. З 1930 года пісаў для выданняў Полацка, Оршы, Горак, Мінска (часопісы «Калгаснік Беларусі», «Напагатове», газета «Літаратура і мастацтва»). Для рабочых і сялян на рабфаку выкладаў беларускую мову і літаратуру. Безумоўны талент публіцыста, паэта Анатоля Астрэйкі быў прызнаны, і з 1939 года ён становіцца членам Саюза пісьменнікаў СССР. У 1940 выходзіць яго першы зборнік вершаў «Слава жыццю».

Як вядома, 22 чэрвеня 1941 года, у нядзелю, у чатыры гадзіны раніцы фашысцкая Германія напала на СССР. У час Вялікай Айчыннай вайны практычна ўсе літаратары далучыліся да выдання падпольных газет, часопісаў і лістовак. Пісьменнікі праявілі сябе як выдатныя публіцысты, яны сапраўды прыносілі людзям надзею на перамогу. У сувязі з тым, што ў першыя ж дні вайны гітлераўцы захапілі значную частку Беларусі, рэдакцыі газет вымушаныя былі выехаць з Мінска. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны штаб цэнтральнага фронту знаходзіўся ў Гомелі. У друкарні фабрыкі «Палесдрук» у Гомелі 5 ліпеня выйшаў першы нумар сатырычнага агітплаката «Раздавім фашысцкую гадзіну». Рэдагаваў яго Кандрат Крапіва. Асноўны аўтарскі актыў складалі беларускія пісьменнікі і паэты – Анатоль Астрэйка, Янка Купала, Якуб Колас, Кузьма Чорны, Пятрусь Броўка, Пятро Глебка, Васіль Вітка, Максім Лужанін, Антон Бялевіч і іншыя. Акрамя літаратурнай працы, Анатоль Астрэйка выконваў абавязкі адказнага сакратара. Трэба зразумець, што агітплакат «Раздавім фашысцкую гадзіну» выдаваўся ў Гомелі ў выключна цяжкіх умовах. Вось што пісаў пра гэта яго адказны сакратар паэт Анатоль Астрэйка: «Гомель штодзённа бамбяць фашысты, трэба выдаваць чарговы нумар, і я забываю пра бомбы».

У 1942–1943 гадах па заданні Беларускага партызанскага руху Анатоля Астрэйку двойчы накіроўвалі на занятую фашыстамі тэрыторыю. Ён знаходзіўся на Случчыне ў партызанскай брыгадзе імя Чкалава. У тыя часы быў напісаны зборнік вершаў пра баявыя справы народных мсціўцаў пад назвай «Слуцкі пояс». Для партызан вершы, байкі, прыпеўкі мелі вялікае значэнне. Варта параўнаць пяро да стрэльбы. Кніжка «Слуцкі пояс» выйшла ў 1943 годзе ў партызанскай падпольнай друкарні, якая славілася выпускам партызанскай газеты «Народны мсцівец».

Як расказваў Анатоль Астрэйка, выданне зборніка сталася нялёгкай справай. У ваенных умовах было цяжка знайсці паперу. Для гэтага партызанам спатрэбілася разграміць фашысцкі гарнізон. Здабытыя трафеі не адрозніваліся якасцю: папера была горшай за абгортачную. Не было і шрыфтоў для друку, таму слуцкія партызаны арганізавалі аперацыю нападзення на занятую фашыстамі слуцкую друкарню. Выкрадзеныя шрыфты прыйшлося вывозіць у мяшках – усе літары пераблыталіся. Тут спатрэбіўся досвет Анатоля Астрэйкі, набыты падчас працы ў часопісах і газетах: паэт дапамагаў партызанам разбіраць шрыфты, састаўляць наборную касу. Асобныя літары, якіх не хапала, выразалі з бярозавых чуркаў. Не было таксама друкарскай фарбы. Партызанскія друкары прыдумалі змяшаць ваксу з сажай. Выданне паэтычнага зборніка заняло паўтара месяца. Усяго выйшла 1000 асобнікаў, многія з якіх адразу са станка адсылаліся ў партызанскія атрады і брыгады. У 1964 годзе зборнік быў перавыдадзены.

Пасля вайны Анатоль Астрэйка ўзначальваў Гродзенскае аддзяленне Саюза пісьменнікаў, быў адказным сакратаром часопіса «Вожык». У мірныя гады ў яго выйшла каля дзясятка кніг паэзіі. У 1956 годзе была выдадзена паэма для дзяцей «Прыгоды дзеда Міхеда». У ёй аўтар працягваў тэматыку вайны, але ва ўласцівай яму гумарыстычнай форме. Сюжэты для прыгодаў дзеда Міхеда і яго ўнука Міхаські Анатоль Астрэйка браў з натуры. Ад часоў вайны ў аўтара захавалася шмат лістоў і запісаў цікавых выпадкаў, якія перадавалі яму з партызанскіх атрадаў.

Анатоль Астрэйка – аўтар тэкстаў папулярных песень: маляўнічай «Ой бацька мой, Нёман», партызанскіх «Песня пра Заслонава», «Шаўковыя травы» і інш. Для многіх яго вершаў уласціва сувязь з фальклорнымі традыцыямі, напеўнасць.

Займаўся Анатоль Астрэйка таксама перакладам на беларускую мову твораў рускіх паэтаў (А. Пушкіна, Л. Талстога, У. Маякоўскага, А. Пракоф’ева, А. Твардоўскага).

Амаль пяцьдзясят гадоў свайго жыцця аддаў Анатоль Астрэйка беларускай паэзіі. Ён заўсёды востра адчуваў, аб чым пісаць, для каго пісаць, як пісаць. Праца ў рэдакцыях падказвала яму тэмы і вобразы ў рэчышчы напеўнай лірыкі з аднаго боку і сатыры – з друга. Паэт добра разумеў сам і паказаў нашчадкам, што сатыра – адзін з лепшых сродкаў барацьбы з любой праблемай.

Па матэрыялах сайта НІА

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.