Новости проекта
С Новым годом и Рождеством!
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 0 человек

ДЗЕНЬ РОДНАЙ МОВЫ

Дата: 21 февраля 2018 в 13:41, Обновлено 21 февраля 2018 в 13:53
Автор: Седова И. С.
1 607 просмотров

Штогод 21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Свята гэта, абвешчанае 17 лістапада 1999 года на 30-й сесіі ЮНЕСКА, накіравана на заахвочванне моўнай разнастайнасці і шматмоўнай адукацыі і спрыяе ўсведамленню моўных і культурных традыцый, якія грунтуюцца на ўзаемаразуменні, цярпімасці і дыялогу.

Родная мова, цудоўная мова!
Ты нашых думак уток і аснова!
Матчын дарунак ад самай калыскі,
ты самацветаў яскравая нізка.
Кожны з іх барвы дзівосныя мае,
вечным агнём зіхаціць – не згарае.
Ты мне заўсёды была дапамогай,
дзе б і якой ні хадзіў я дарогай.
Чую ў табе перазвоны крыніцы,
чую ў табе і раскат навальніцы,
чую павевы зялёнага бору,
водгулле працы ў родным прасторы.
Кожнай драбнічкай ты варта пашаны,
кожнае слова вякамі стварана.
І на вякі яно жыць застаецца,
вечнае так, як народнае сэрца.

Уладзімір Дубоўка

 Зараз у свеце налічваецца каля 6 тысяч моў, і, па прагнозах спецыялістаў, недзе 40 % з іх у бліжэйшы час могуць знікнуць. Таму невыпадкова, што гучыць заклік зберагчы кожную мову як увасабленне ўнікальнага светабачання, як жывую і найкаштоўнейшую спадчыну народаў. Дзеля захавання моў, якія апынуліся на парозе знікнення, міжнародны фонд UNESCO абвясціў дзень роднай мовы — каб хоць у такі дзень на іх загаварылі, пра іх успомнілі.
Родная мова шмат не патрабуе. Але калі ўжо назваў яе роднай, калі лічыш яе такой для сябе — павінен жа быць перад ёй хоць нейкі абавязак. Ці хоць часам пра яе думаць. Калі хоць палова з тых сямідзесяці чатырох працэнтаў, якія падчас апошняга перапісу назвалі роднай мовай беларускую, падумае аб яе лёсе — значыць, не ўсё яшчэ страчана. Хоць адзін дзень. Калі будзе яе афіцыйнае міжнароднае свята.
Калі ты чуеш яе — ці то сучасную літаратурную, ці змешаную "трасянку", або мясцовую дыялектную — ведай, што гэта ўсё яна — наша беларуская мова. Не адварочвайся, а прымі яе, бо яе месца ў тваёй краіне. І не падчарка яна тут, а паказвае на спрадвечнасць беларусаў на сваёй зямлі. Нашы бацькі, дзяды і прадзеды нямала зрабілі, каб беларуская мова была прызнаная як роўная сярод іншых моў свету.

Беларуская мова адносіцца да ўсходнеславянскай падгрупы індаеўрапейскай моўнай сям’і. Яна, безумоўна, мае шмат агульных граматычных і лексічных рыс з рускай і ўкраінскай мовамі. Аднак і спецыфічных адметнасцей багата ў нашай роднай мове. Гэта дзеканне і цеканне, аканне і яканне, зацвярдзелыя зычныя і суседняя мяккасць, у нескладовае і апостраф. А колькі самабытных беларускіх слоў! Вось такіх, напрыклад, як у радках Кастуся Цвіркі:

Абрус – абцас – азярод – арэлі…
Вясёлка – вырай – вярба – ваўчкі…
Як міла пазвоньваюць, сэрца грэючы,
Чыстых бацькаўскіх слоў ланцужкі!

Дык давайце ж будзем размаўляць па-беларуску! 

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.